КУРС ЛЕКЦИЙ
Лекцыйныя заняткi № 4
Методыка вывучэння элементаў лексікалогіі
1. Значэнне вывучэння элементаў лексікалогіі ў пачатковых класах
2. Прыватнаметадычныя прынцыпы вывучэння элементаў лексікалогіі
3. Задачы і змест вывучэння тэмы “Значэнне слова” ў пачатковых класах
4. Метады і прыёмы вывучэння элементаў лексікалогіі
1. Значэнне вывучэння элементаў лексікалогіі ў пачатковых класах. У працэсе засваення значэнняў слоў вучні ўсведамляюць паняцці, уласцівыя роднай мове.
Дакладнае веданне лексічнага значэння слова – важная ўмова фарміравання граматычных і арфаграфічных навыкаў.
Пры вывучэнні элементаў лексікалогіі адбываецца мэтанакіраванае ўзбагачэнне слоўнікавага запасу малодшых школьнiкаў.
Праца па лексіцы ў школе мае як агульнаадукацыйнае, так і практычнае значэнне. Агульнаадукацыйнае значэнне лексікі заключаецца ў тым, што яе вывучэнне пашырае веды вучняў аб мове, знаёміць са словам, паказвае існуючыя ў мове сувязі паміж лексікай і іншымі ўзроўнямі мовы: паміж фанетыкай і лексікай, паміж лексікай і словаўтварэннем, паміж лексікай і марфалогіяй, паміж лексікай і сінтаксісам, паміж лексікай і стылістыкай, фармiруе лексіка-семантычны падыход да слова, знаёміць са сферамі ўжывання слоў, з асноўнымі крыніцамі папаўнення слоўнікавага запасу людзей.
Практычнае значэнне лексікі заключаецца ў тым, што яе вывучэнне раскрывае слова як элемент слоўнікавай сістэмы, станоўча ўплывае на ўсведамленне навучэнцамі спецыфікі астатніх адзінак мовы, уздзейнічае на авалоданне арфаграфічнымі навыкамі, з’яўляецца базай узбагачэння слоўнікавага запасу навучэнцаў. Вывучэнне лексікі развівае ўвагу навучэнцаў да значэнняў і ўжывання слоў, выхоўвае ў іх запатрабаванне ў выбарыпатрэбнага слова для выказвання той ці іншай думкі ва ўласным маўленнi, дазваляе абгрунтаваць сістэму практыкаванняў над вобразна-выяўленчымi сродкамі мастацкіх твораў, якія вывучаюцца на ўроках літаратурнага чытання, фарміруе ўменне карыстацца лінгвістычнымі слоўнікамі. Праз цікавасць да лексікі развіваецца цікавасць да беларускай мовы ў цэлым.
2. Прыватнаметадычныя прынцыпы вывучэння элементаў лексікалогіі. Вывучэння элементаў лексікалогіі павінна абапірацца на наступныя агульнаметадычныя i прыватнаметадычныя прынцыпы:
– экстралiнгвiстычны (прадугледжвае супастаўленне слова i рэалii, абазначанай гэтым словам);
– сістэмны (патрабуе асэнсавання і засваення семантычных узаемасувязей паміж словамі, уліку ўсіх элементау лексічных парадыгмы);
– кантэкстны (прадугледжвае падачу і разряд слоў у мінімальным кантэксце (у словазлучэнні, сказе) і дапамагае паскорыць аўтаматызацыю навыкаў спалучальнасці слоў;);
– лексіка-граматычны (гэты прынцып накіроўвае ўвагу настаўніка і вучняў на супастаўленне лексічнага значэння канкрэтнага слова і агульнага сэнсавага значэння слова як часціны мовы. Словы адной часціны мовы супрацьпастаўляюцца адно аднаму канкрэтнымі лексічнымі значэннямі і аб’ядноўваюцца катэгарыяльным значэннем прадметнасці, прыметы, працэсуальнасці; аднолькавым наборам прыватных марфалагічных катэгорый, асаблівасцямі словазмянення і лексіка-граматычнай спалучальнасці са словамі іншых часцін мовы);
– функцыянальна-семантычны (прадугледжвае практычнае знаёмства вучняў з тым, што кожнае слова характарызуецца тыповымі для яго сінтаксічнымі функцыямі, што гэтыя функцыі слова выконвае ў пэўных граматычных мадэлях і маўленчых узорах);
– семантычны (рэгулюе семантычныя сувязi памiж словамi i выкарыстоўваецца пры арганiзацыi працы над мнагазначнымi словамi i сiнонiмамi, сiнонiмамi i антонiмамi, сiонiмамi i роднаснымi словамi);
– лексiка-сiтаксiчны (супастаўленне слова i словазлучэння);
– тэматычны (патрабуе групоўкі слоў у тэматычныя групы пры арганізацыі працы па ўзбагачэнні слоунікавага запасу вучняў. Гэта звязана з тым, што словы алной тэматычнай групы служаць для зносін у межах той ці іншай тэмы або сітуацыі (у школе, дома, у магазіне). Чым больш слоў па тэме ведае вучань, тым больш свабодным будзе яго маўленне).
3. Задачы і змест вывучэння тэмы “Значэнне слова” ў пачатковых класах. Вывучэнне тэмы “Значэнне слова” прадугледжвае актуалізацыю ведаў вучняў пра лексічнае значэнне слова, азнаямленне з адназначнымі і мнагазначнымі словамі, прамым і пераносным значэннем слова, сінонімамі і антонімамі, міжмоўнымі амонімамі, з ужываннем слоў у прамым і пераносным значэннях. Гэта дазваляе ўзбагаціць і актывізаваць слоўнік, зрабіць дакладным і правільным маўленне малодшых школьнiкаў.
Асноўнымі задачамі вывучэння раздзела ў 3 класе з’яўляюцца:
– знаёмства з ужываннем слоў у прамым і пераносным значэнні;
– выпрацоўка ўменняў вызначаць прамое і пераноснае значэнне слова ў сказе; адрозніваць і параўноўваць словы, блізкія і супрацьлеглыя па сэнсе, мнагазначныя словы;
– выпрацоўка ўменняў выкарыстоўваць сінонімы, антонімы, мнагазначныя словы ў патрэбным значэнні ў маўленні;
– адпрацоўка навыкаў выкарыстання ветлівых слоў і зваротаў у зносінах з гасцямі школы, з незнаёмымі людзьмі ў магазіне, транспарце, бібліятэцы, на пошце і інш.
У ходзе выканання заданняў па тэме трэцякласнікі практыкуюцца ў суаднясенні прадмета на малюнку са словам і значэннем слова, тлумачэнні значэнняў слоў з улікам іх будовы, называнні слова па яго лексічным значэнні, вылучэнні адназначных і мнагазначных слоў, складанні сказаў з мнагазначнымі словамі, высвятленні прамога і пераноснага значэння мнагазначных слоў, падборы сінонімаў, антонімаў, знаходжанні значэння слова ў тлумачальным слоўніку, пабудове сказаў з міжмоўнымі амонімамі, складанні вусных паведамленняў і пісьмовых сачыненняў на прапанаваную настаўнікам тэму з выкарыстаннем сінонімаў і антонімаў.
Пры вывучэнні тэмы “Значэнне слова” ў пачатковых класах малодшыя школьнiкi набываюць першапачатковыя лексічныя веды, у вучняў фарміруюцца лексічныя ўменні.
4. Метады і прыёмы вывучэння элементаў лексікалогіі. Асноўны метад працы пры вывучэнні элементаў лексікалогіі ў пачатковых класах – метад практыкаванняў. Лексічныя практыкаванні накіраваны на ўсведамленне сутнасці лексікалагічных паняццяў і на фарміраванне лексічных уменняў. Тыпы практыкаванняў:
1. Назіранне за ўжываннем слоў ва ўзорным тэксце. На ўроках беларускай мовы вельмі часта ў якасці матэрыялу для граматыка-арфаграфічнага практыкавання выкарыстоўваецца фрагмент мастацкага твора, і настаўнік не павінен выпускаць такой цудоўнай магчымасці для ўдакладнення разумення дзецьмі значэння слова і яго ролі ў стварэнні мастацкага вобраза.
2. Рэдагаванне як від лексіка-семантычнага практыкаванні мяркуе выяўленне памылак і недахопаў лексічнага характару і іх выпраўленне. У якасці матэрыялу для такога практыкавання можна выкарыстоўваць спецыяльна падрыхтаваныя тэксты з уключэннем тыповых для вучняў памылак або фрагменты з дзіцячых творчых работ (у гэтым выпадку аўтарства раскрываецца толькі па жаданні вучня, які напісаў працу).
3. Канструяванне выкарыстоўваецца для навучання правілам словаўжывання; яно прадугледжвае складанне са слоў словазлучэнняў і сказаў, якое патрабуе ад вучня ажыццяўлення выбару слова з улікам яго лексічнай спалучальнасці, маўленчай задачы і/або ўмоў зносін.
4. Трансфармацыя – гэта пераўтварэнне выказвання, якое датычыцца яго лексічнага напаўнення ў адпаведнасці з пэўнай задачай. Такое пераўтварэнне можа заключацца ў замене слова, словазлучэння, пропуску або дабаўленнi слова. Вельмі карысныя такія практыкаванні для назірання над адрозненнямі ў спалучальнасці блізкіх па значэннi слоў.
5. Падбор слоў, складанне словазлучэнняў, сказаў з прадметам маўлення, для выражэння пэўнай думкі і г. д.
Пры вывучэнні тэмы «Значэнне слова» шырока выкарыстоўваюцца наглядныя метады: славеская нагляднасць – для арганізацыі назіранняў над выкарыстаннем лексічных з’яў у кантэксце, для развіцця цікавасці да незнаёмых слоў; зрокавая нагляднасць – для тлумачэння значэнняў незразумелых слоў, размежавання розных значэнняў мнагазначных слоў, стварэння выказванняў з выкарыстаннем пэўных лексем.